Ян Чачот

Што старыя за вар'яты:
Мелюць без прычыны,
Быццам час свой марна трацім
Мы каля дзяўчыны.

І ўсё пхнуць нас да работы,
Хоць таго не знаюць,
Што да працы я ахвоты
Без дзяўчат не маю!

З любай стрэнуся, бывае,
Прыгарну к сабе я,
Сэрца радасцю палае,
Галава яснее.

Жыць тады, сябры, ахвота,
Хораша наўкола,
Мігам робіцца работа
З песняю вясёлай!

Дык мяліце ж без прычыны
Вы, старыя людзі —
Вас паслухаем тады мы,
Як дзядамі будзем!

Я паслаў бы, голуб,
Цябе ў любы край,
Дзе маё каханне,
Дзе мой светлы май.

Мо б занёс праз далеч
Мілай колькі слоў:
Лейлі, ты мне люба,
Жыў я і здароў.

Я сказаў бы, голуб:
Мчыся ў добры час,
Між дзяўчат пазнаеш
Мілую ты ўраз.

Твар яе журлівы,
Хоць на вуснах — смех.
І сядзіць самотна
Між людскіх уцех.

Ты яе пазнаеш,
Бо яна — адна,
Самая з наймілых
Мілая яна.

Што яна — красуня,
Слова нават дам.
Ну, а ці сумуе...
Ты убачыш сам.

Пташка, пташка,
Скуль ляціш ты —
Ці не з нашых
Ніў?

Каб пачуць мне
Што аб мілай,
Я б шчаслівы
Быў.

Мо была
Ў яе садочку?
Ці не стрэла
Там

Той найгожай,
Да якой бы
Паляцеў я
Сам?

Ці не чула
Выпадкова
Ты хоць колькі
Слоў

Той, якая
Не выходзіць
З маіх юных
Сноў?

Ах ты, пташка,
Адлятаеш —
У якую ж
Даль?

Мне пакінула
Ізноў тут
Па наймілай
Жаль.